ЗАПА́СЫ ВЫТВО́РЧЫЯ,

матэрыяльныя рэсурсы, прылады працы для забеспячэння непарыўнасці вытв. працэсу. Па характары прызначэння З.в. падзяляюць на бягучыя, страхавыя, падрыхтоўчыя (тэхналагічныя) і сезонныя.

Бягучы запас ствараецца на перыяд паміж 2 пастаўкамі рэсурсаў. Страхавы запас патрэбен на выпадак перабою ў забеспячэнні, яго памер абумоўлены велічынёй бягучага запасу, месцам знаходжання пастаўшчыкоў, метадамі транспарціроўкі і інш. Падрыхтоўчы запас ствараюць на час, які патрэбен для прыёмкі, праверкі якасці, падрыхтоўкі да вытв-сці (выкарыстання) і дастаўкі на рабочыя месцы. Сезонны запас вызначаецца па рэсурсах. Гл. таксама Запасы таварныя.

У.Р.Залатагораў.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)